ЛІ́НЗА АКУСТЫ́ЧНАЯ,

прыстасаванне для факусіроўкі гуку праз змену даўжыні шляху, які праходзіць у ім акустычныя хваля, і пераламлення гуку на яго гранічных паверхнях. Як і аптычная лінза, Л.а. абмежавана дзвюма рабочымі паверхнямі і робіцца з матэрыялу, скорасць гуку ў якім адрозніваецца ад скорасці ў навакольным асяроддзі.

Бываюць з цвёрдых рэчываў, вадкасцей і газаў (апошнія змяшчаюцца ў тонкую абалонку). Падзяляюцца на плоска-выпуклыя, плоска-ўвагнутыя, дваякавыпуклыя, дваякаўвагнутыя і выпукла-ўвагнутыя; збіральныя, або факусіруючыя (утвараюць хвалевыя франты, якія сходзяцца), і рассейвальныя (якія разыходзяцца); у залежнасці ад паказчыка пераламлення — запавольвальныя і паскаральныя.

т. 9, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)